ДЭТЭКТЫ́ЎНЫ ФІЛЬМ,
твор кіна- і тэлемастацтва, прысвечаны расследаванню крымінальных і інш. злачынстваў, рабоце разведчыкаў. Тэматычна звязаны з прыгодніцкім фільмам.
Першыя авантурна-дэтэктыўныя фільмы зняты ў 1910-я г. ў Францыі (серыя фільмаў рэж. Л.Фёяда пра Фантамаса, рэж В.Жасэ пра сышчыка Ніка Картэра і інш.). Сярод Д.ф. 1930—40-х г. серыялы пра сышчыкаў, фільмы-«паліцэйскія дакументы»; 1960—70-х г. — серыя фільмаў пра супершпіёна Джэймса Бонда. Сярод лепшых Д.ф. сав. кіно: «Подзвіг разведчыка», «Справа № 306», «Мёртвы сезон», «Вяртанне «Святога Лукі», «Чорны прынц», «Пятроўка 38», тэлевізійныя «Семнаццаць імгненняў вясны», «Месца сустрэчы змяніць нельга».
У бел. кіно дэтэктыўную фабулу маюць фільмы «Дзеці партызана», «Наперадзе — круты паварот», «Блакітны карбункул», «Задача з трыма невядомымі», «Дзікае паляванне караля Стаха», тэлевізійныя «Корцік», «Бронзавая птушка», «Апошняе лета дзяцінства» і інш.
т. 6, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)